Дасягненне незалежнасці Беларусі. Дэнансацыя саюзнага дагавора 1922 г. і ўтварэнне СНД

У сувязі з нарастаннем "рэвалюцыі суверэнітэтаў" паўстала пытанне аб самім існаванні СССР, вырашэнне якога ажыццяўлялася метадам пошуку і памылак. М. Гарбачоў настаяў на правя-дзенні ў сакавіку 1991 г. рэферэндума па праблеме захавання СССР. Аднак пытанне для рэферэндума было пастаўлена так, што будучае Саюза магло быць толькі ў форме федэрацыі, да таго ж сацыялістычнай. Афіцыйна ў рэферэндуме прынялі ўдзел 9 рэспублік (за выключэннем Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Арменіі, Малдовы). Усяго са 196 млн. дарослых жыхароў СССР галасавала 111,3 млн., з якіх 57% выказалася за захаванне СССР. У канцы красавіка ў падмаскоўнай рэзідэнцыі Нова-Агарова было падпісана пагадненне Прэзідэнта СССР і вышэйшых асоб дзевяці рэспублік ("9 + 1") аб хутчэйшым заключэнні новага саюзнага дагавора. Сам апублікаваны праект некалькі разоў мяняўся і насіў кампрамісны характар. Галоўнае ў ім было тое, што на працягу 6 месяцаў пасля падпісання дагавора павінны быць праве-дзены новыя выбары вышэйшых органаў Саюза. Разам з тым ўмацоўвалася структура ўлады ў Расійскай Федэрацыі. 12 чэрвеня 1991 г. Б. Ельцын усеагульным прамым галасаваннем быў абраны прэзідэнтам Расіі.

Распад СССР паскорылі падзеі, якія адбыліся ў Маскве з 18 па 21 жніўня 1991 г. Падчас адпачынку Прэзідэнта СССР у Крыме група вышэйшых дзяржаўных асоб (Г. Янаеў - віцэ-прэзідэнт СССР, В. Паўлаў - прэм'ер-міністр СССР, Б. Пуга - міністр унутраных спраў СССР, В. Кручкоў - старшыня КДБ СССР і інш.) стварылі Дзяржаўны камітэт па надзвычайнаму становішчу, абвясцілі аб хваробе М. Гарбачова і пераходзе ўсёй улады ў свае рукі. Партыйнае кіраўніцтва спрабавала з дапамогай войскаў і КДБ падавіць дэмакратычныя рухі і аднавіць таталітарны рэжым у СССР.

У БССР дзейнасць змоўшчыкаў падтрымалі Магілёўскі, Гродзенскі, Брэсцкі абкомы КПБ, а ЦК нават забараніў выхад газеты "Знамя юности", якая актыўна падтрымлівала перабудову. Толькі Мінскі гарадскі Савет народных дэпутатаў асудзіў пераварот і апазіцыя, якая па прыкладу Масквы правяла ў Мінску дэманстрацыю і мітынг.

Пралік арганізатараў перавароту заключаўся ў неда-ацэнцы актыўнасці дэмакратычных сіл і рашучасці асабіста Б. Ельцына да супрацьдзеянняў.

Б. Ельцын як прэзідэнт Расіі абвінаваціў кіраўніцтва КПСС у спробе дзяржаўнага перавароту і сваім указам забараніў дзейнасць кампартыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гэта таксама быў своеасаблівы дзяржаўна-палітычны пераварот. Кіруючая партыя не толькі адхілялася ад улады, але і ўвогуле была ліквідавана.

У Мінску група з 25 дэпутатаў (большасць з апазіцыі) прапанавала склікаць 5-ю нечарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР. 25 жніўня на ёй быў прыняты Закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР "Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР" і пастанова "Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР". Ва ўласнасць Беларусі перайшла агульнасаюзная маёмасць. Таксама пачаўся працэс дэпартызацыі, а дзейнасць КПБ - КПСС прыпынялася. На пасяджэнні Вярхоўнага Савета Прэм'ер-міністр Беларусі В. Кебіч заявіў, што прыпыняе членства ў КПСС разам з усім Кабінетам Міністраў.



З 17 па 19 верасня адбылася 6-я нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, на якой разглядаўся Закон "Аб назве БССР". Дэпутаты прынялі рашэнне перайменаваць БССР у Рэспубліку Беларусь, а ў скарочаных назвах - "Беларусь". У той жа дзень зацвердзілі законы "Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь", "Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь". Старшынёй Вярхоўнага Савета на альтэрнатыўнай аснове быў выбраны прафесар фізікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта С. Шушкевіч. Так у гісторыі Беларусі пачаўся новы этап незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Што датычыцца лёсу Саюза ССР, то ў пачатку верасня 1991 г. пачаў работу V з'езд народных дэпутатаў СССР. 5 верасня ён прыняў канстытуцыйны закон аб уладзе ў пераходны перыяд, а затым здаў свае паўнамоцтвы Дзяржаўнаму Савету СССР. Новы Вярхоўны Савет стварыць не атрымалася, бо некаторыя рэспублікі накіравалі туды сваіх прадстаўнікоў з правамі назіральнікаў.

Дзяржсавет 9 верасня 1991 г. афіцыйна прызнаў незалежнасць Прыбалтыйскіх дзяржаў: Літвы, Латвіі, Эстоніі. Праз некалькі дзён яны былі прыняты ў ААН. СССР скараціўся да 12 рэспублік. Прэзідэнт М. Гарбачоў паспрабаваў замацаваць Саюз на аснове новага пагаднення. 14 лістапада ва ўрадавай рэзідэнцыі ў Нова-Агарова (пад Масквой) сем рэспублік (Расія, Беларусь, Азербайджан, Казахстан, Кыргызтан, Туркменістан, Таджыкістан) заявілі аб намеры стварыць Садружнасць Суверэнных Дзяржаў (ССД) і да 25 лістапада зацвердзіць новы саюзны дагавор. Але гэтага не адбылося, бо ўсе чакалі выніку рэферэндума аб незалежнасці Украіны, прызначанага на 1 снежня. Большасць жыхароў гэтай рэспублікі выказаліся за выхад з СССР. Лёс Саюза быў вырашаны.



8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі "Віскулі" (пад Брэстам) кіраўнікі Беларусі (С. Шушкевіч), Расійскай Федэрацыі (Б. Ельцын), Украіны (Л. Краўчук) падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў (СНД). У ім абвяшчалася, што СССР як суб'ект міжнароднага права спыніў сваё існаванне. Тры дзяржавы аб'ядналіся ў СНД і запрасілі ўступаць у Садружнасць новыя дзяржавы былога СССР. У хуткім часе кіраўнікі сярэднеазіяцкіх рэспублік і Казахстана заявілі ў Ашгабаце аб намеры далучыцца да СНД. 21 снежня адбылася алмаацінская сустрэча "брэсцкай тройкі", "ашгабацкай пяцёркі" і Арменіі. На ёй была прынята Дэкларацыя аб канчатковым спыненні існавання СССР і ўрэгуляванні звязаных з гэтым праблем. Да канца 1991 г. да СНД далучыліся таксама Малдова і Азербайджан.

25 снежня 1991 г. М. Гарбачоў падпісаў указ аб спыненні выканання ім функцыі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і заявіў аб сваім зыходзе з пасады Прэзідэнта СССР. У той жа вечар з вежы Вялікага Крамлёўскага палаца быў спушчаны сцяг СССР і ўзняты адноўлены сцяг Расіі.

Такім чынам, незалежнасць Рэспублікі Беларусь была атрымана не столькі ў выніку ўнутранага нацыянальнага руху, колькі ў выніку распаду СССР. Таму нацыянальная свядомасць беларусаў, з аднаго боку, атрымала ўнутраны ўздым, а з другога - пачуццё трывогі і заклапочанасці аб уласным лёсе.


3054247785847513.html
3054310404991802.html
    PR.RU™